
#TraveltoDobrush
Церахоўка - гарадскі пасёлак у Церахоўскім сельсавеце Добрушскага раёна, цэнтр Церахоўскага сельсавета. Яна размешчана за 30 км на поўдзень ад Добруша і за 58 км ад Гомеля.
Па пісьмовых крыніцах, вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ, уладанне Чартарыйскіх. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1776 годзе тут працавалі вадзяны млын, карчма. Пасля далучэння Церахоўкі да Расійскай імперыі яна знаходзілася ва ўладанні фельдмаршала графа П.А. Румянцава-Задунайскага, з 1834 года - фельдмаршала князя І.Ф. Паскевіча.
У 1800 годзе ў Церахоўцы была пабудавана царква.
У 1852 годзе вёска мела 1122 жыхары. Колькасць двароў - 152. У вёсцы было 3 масты, 4 грэблі, царква.
З 1873 года ў Церахоўцы дзейнічалі крупадрабілка, народнае вучылішча. Пасля пабудовы чыгуначнай лініі Гомель - Бахмач у 1871 годзе значная частка жыхароў сталі чыгуначнымі працоўнымі.
З 1886 года ў пасёлку функцыянавалі царкоўна-прыходская школа, 4 вятракі. Паводле перапісу 1897 года, працавалі хлебазапасны магазін, вінная крама, 4 карчмы, мелася аддзяленне паштовай сувязі. У выніку пажару 2 чэрвеня 1904 г. згарэла 80, а ў 1907 годзе 40 двароў.
У 1896 годзе недалёка ад чыгуначнай станцыі была пабудавана невялікая земская бальніца, дзе працавалі дзве медсёстры і фельчар.
Жыхары Церахоўкі з'яўляліся ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў. Сялянскі працоўны рух быў накіраваны ў асноўным супраць мясцовых абшарнікаў – арандатараў Дуброўскага, Шынберга і Зэфельда.
У 1918 годзе падчас нямецкай акупацыі Перарастоўскі і Фёдараўскі партызанскія атрады занялі вёску і аднавілі савецкую ўладу.
У 1928 годзе ў Церахоўцы арганізаваны калгас, працавалі рамонтныя майстэрні, ільнозавод, 4 вятракі, гамарня. Таксама ў 1928 годзе ў Церахоўцы адкрылася раённае аддзяленне сувязі. З 1930 года працавала МТС і раённая бібліятэка.
Са жніўня 1941 года да 27.09.1943 года Церахоўка была акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія забілі больш за 60 мірных жыхароў і спалілі 320 двароў.
25 снежня 1962 года Церахоўскі раён разам з Церахоўкай стаў часткай Добрушскага раёна.
Церахоўка – радзіма народнага артыста БССР Леаніда Рыгоравіча Рохленкі.
Дабрацца да Церахоўкі з Добруша і Гомеля нескладана: штодня з Гомеля ходзіць прыгарадны цягнік (Гомель-Церахоўка і Гомель-Кругавец), а з Добруша кожны дзень ідзе аўтобус (Добруш-Церахоўка, Добруш-Рашча, Добруш-Добруш-Красная Буда).