
Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае 21 чэрвеня а 13-й гадзіне на майстар-клас па дэкарыраванні тканіны «Яскрава, як маланка, робім набіванку!» у рамках аўтарскага праекта «Полацкая набіванка» пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры.
Дошчачкі з выразанымі ўзорамі, пасудзіны з фарбай, звонкі стук драўлянага малатка — так нараджалася набіванка, старадаўняя тэхніка ўпрыгожвання тканіны, якая ператварала палатно ў сапраўдны шэдэўр. Кожны ўдар па клішэ пакідаў на тканіне непаўторны ўзор. З дапамогай набіванкі дэкарыравалі традыцыйнае адзенне. Простыя ільняныя кашулі чароўна расцвіталі васількамі і рамонкамі, а сціплыя фартухі ўпрыгожвалі незвычайным раслінна-геаметрычным арнаментам.
Запрашаем усіх ахвотных дакрануцца да старадаўняга рамяства, адчуць сябе ў ролі майстра-набойшчыка!