«За бліжняга свайго: патрыятычнае служэнне святароў Рускай праваслаўнай царквы. 1941–1945»

У рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў-2025» на пляцоўцы стацыянарнай выстаўкі «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» была адкрыта часовая экспазіцыя «За бліжняга свайго: патрыятычнае служэнне святароў Рускай праваслаўнай царквы. 1941–1945».

Выстаўка размясцілася ў самай старажытнай грамадзянскай пабудове горада — у так званым Доміку Пятра I. У двух залах цокальнага паверха прадстаўлена больш за 60 прадметаў другой паловы XIX — XX стст., непасрэдна звязаных з гісторыяй праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Полаччыне.

Аснову экспазіцыі склалі прадметы з калекцыі прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Багатырская Полацкага раёна, Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, асабістай калекцыі дыякана Георгія Дубоўскага і іерэя Уладзіслава Маляра. Акрамя гэтага, у залах можна ўбачыць фотаматэрыялы, прысвечаныя храмам г. Полацка ў гады Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі кіраўнік аддзела Полацкай епархіі па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі воінскімі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Аляксандр Шаховіч, настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы в. Багатырская іерэй Андрэй Бабушкін, клірык Богаяўленскага кафедральнага сабора г. Полацка дыякан Георгій Дубоўскі, клірык Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра іерэй Уладзіслаў Маляр і манахіні Іўсціна (Сімсан) і Рыпсімія (Андаржанава).

Падчас адкрыцця выставы загадчык Краязнаўчага музея Полацка І. П. Воднева адзначыла, што дадзеная тэма ніколі раней не прэзентавалася ў музеях Полацка. Дзякуючы супрацоўніцтву са святарамі і сёстрамі манастыра палачанам упершыню прадстаўлены малавядомыя факты па гісторыі Рускай праваслаўнай царквы на Полаччыне, дапоўненыя ўнікальнымі прадметамі музейнага значэння. За дапамогу ў падрыхтоўцы часовай экспазіцыі дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка М. В. Чарнышова ўручыла падзякі партнёрам выстаўкі.

На працягу месяца ў музеі будуць арганізаваныя лекцыі, прысвечаныя гісторыі Рускай праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Запрашаем жыхароў і гасцей нашага горада наведаць часовую экспазіцыю, размешчаную па адрасе: г. Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 33.

149