«Ноч музеяў — 2025» у Мастацкай галерэі

Прысвечаная Міжнароднаму дню музеяў святочная праграма ў Мастацкай галерэі пачалася з канцэрта навучэнцаў фартэпіяннага аддзялення Полацкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Н. М. Лапіцкай. Глыбіні да ўспрыняцця музычных кампазіцый дадала падрыхтаваная і агучаная навучэнцамі гістарычная інфармацыя пра будынак, у якім знаходзіцца галерэя. Загадчыца Мастацкай галерэі Наталля Анцімонава пасля завяршэння выступлення падзякавала бацькам выканаўцаў і іх настаўнікам.

У «Ноч музеяў — 2025» у Мастацкай галерэі праходзіла выстава-продаж твораў беларускіх мастакоў, сярод якіх: Васіль Васільеў, Іван Іваноў, Андрэй Савіч і інш. Таксама наведвальнікі паўдзельнічалі ў квэст-экскурсіі па музейнай экспазіцыі «Таямніцы музейнай калекцыі», дзе яны даведаліся шмат новага пра культавае мастацтва Беларусі. Самым уважлівым і кемлівым былі прэзентаваныя невялічкія падарункі ад галерэі.

У святочнай праграме было выступленне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай з вучнямі і настаўнікамі Полацкай дзіцячай школы мастацтваў. Канцэрт «На крылах душы. Гучыць арган» стварыў запамінальную атмасферу, аб’яднаўшы гукі музыкі і фарбы жывапісу.

Завяршылі праграму мерапрыемстваў «Ночы музеяў» майстар-класы «Пясочныя міражы». Чароўная тэхніка стварэння пясочных кампазіцый, якія імгненна з'яўляюцца і знікаюць з паверхні шкла, захапіла кожнага ўдзельніка працэсу.

Спадзяемся, што ў наведвальнікаў засталіся незабыўныя ўспаміны пра «Ноч музеяў» у Мастацкай галерэі.

113