Выстава «Суразмоўцы» Іраіды і Генадзя Шутавых

У Мастацкай галерэі прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы «Суразмоўцы» Іраіды і Генадзя Шутавых.

Напярэдадні цёплага вясновага свята наведвальнікам прадстаўлены графічныя і жывапісныя творы двух таленавітых мастакоў, якія пражылі разам больш за 50 гадоў. На адкрыцці выставы прысутнічалі блізкія людзі творцаў, сябры, а таксама мастакі і мастацтвазнаўцы. Усе з цеплынёй і любоўю згадвалі пра таленавітую пару.

Акварэльныя кампазіцыі Генадзя Шутава філасафічныя і мудрагелістыя, яны заўсёды адрозніваліся аўтарскай «метафізічнай логікай». Гэта мастацкі стыль, высокі прафесіяналізм і віртуознае валоданне акварэллю. Па меркаванні мастацтвазнаўцы Міхася Цыбульскага, нягледзячы на знешне «зразумелую» рэалістычную манеру пісьма, мастак, здаецца, заўсёды не прымаў дазволенае, звыклае, спрошчанае і напраўляў сваю творчасць на пошукі новых і глыбокіх сэнсаў.

Вытанчаныя творы Іраіды Шутавай ствараюць непаўторнае і складанае пачуццё душэўнай цеплыні, спакою і надзеі. Яе кампазіцыі, напоўненыя глыбокім філасофскім зместам, заўсёды выклікаюць у гледача пэўныя эмоцыі і ўспаміны.

На адкрыцці выставы таксама прыстунічаў сын Іраіды і Генадзя Шутавых — Сяргей Шутаў. Ён падзяліўся ўражаннямі аб выставе, выказаў удзячнасць супрацоўнікам Мастацкай галерэі і зрабіў выдатны падарунак — перадаў у фонды НПГКМЗ трынаццаць графічных аркушаў бацькі і адзін жывапісны твор маці.

Выстава будзе працаваць да 20 красавіка, запрашаем усіх!

477